УДК 821.161.3.09(092)
Кузьміч Н.В.,
кандыдат філалагічных навук,
Беларускі дзяржаўны універсітэт
ГОРАД І ВЁСКА Ў АПАВЯДАННЯХ МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА
Творчасць беларускага пісьменніка Міхася Стральцова (1937–1987) – яркая
з’ява ў айчыннай літаратуры, як і сама асоба пісьменніка – Стральцоў вядомы як
празаік, паэт, крытык, перакладчык.
У прозе М. Стральцова галоўнае, што, на наш погляд, вызначае яе месца ў
агульнай літаратурнай плыні, – гэта лірызм: у творах найперш і найбольш выразна і
моцна выяўляецца індывідуальна-аўтарскае ўспрыманне жыццёвага матэрыялу,
суб’ектыўна-аўтарскія адносіны да рэчаіснасці, што кладзе сваю адзнаку на стыль і
мову твораў, на характары герояў; у асобных апавяданнях сюжэт развіваецца на
аснове руху думак і пачуццяў, змены настрояў і ўражанняў, адсутнічаюць вострыя
канфліктныя сітуацыі. “…дакладнасць, “перажытасць” усяго – моцная адзнака
лепшых твораў Міхася Стральцова. Але іх асаблівасць – яшчэ і ў шырокім,
вольным дыханні думкі, па-сапраўднаму мастацкай. Гуманізм, чалавечнасць, што
ідзе ад самой душы народнай, ёю выпраменьваецца, – вось тая нацыянальная
ідэя, на якой ён пагаджаецца найперш і канчаткова” [1, 5], – так дакладна некалі
вызначыў асаблівасць прозы пісьменніка ва ўступным слове да адзінага зборніка
яго выбраных твораў вядомы літаратуразнаўца Алесь Адамовіч.
Пра сябе М. Стральцоў ужо стала заявіў першым зборнікам апавяданняў
“Блакітны вецер” (1962). Крытыка адразу прызнала, што ў літаратуру прыйшоў
несумненны талент, са сваёй тэмай, стылем, бачаннем свету. Затым выйшла
другая кніга прозы “Сена на асфальце” (1966), у якой лірычны матыў, узяты ў
першым, загучаў больш упэўнена, з новымі адценнямі і фарбамі, – тут амаль усё
падаецца праз успрыманне аўтара, сюжэтная лінія ў многіх творах грунтуецца на
асабістым назіранні за з’явамі прыроды. Кніга выбранай прозы “На ўспамін аб
радасці” ўбачыла свет у 1974 годзе. Адзіны зборнік “Выбранага”, куды ўвайшлі і
празаічныя творы, выйшаў толькі пасля смерці Стральцова.
Несумненна, асаблівую ўвагу даследчыкаў літаратуры і крытыкаў
прыцягвала проза пісьменніка. Напрыклад, некаторыя даследчыкі адзначалі ў
Стральцова дзве струі прозы – традыцыйную “вясковую” і наватарскую
“інтэлектуальную” (В.А. Івашчанка), зазначалі, што праблема псіхалагічнага
ўрастання былога вяскоўца ў гарадское асяроддзе адна з асноўных у творчасці
празаіка (М. Вышынскі), што Стральцоў паказвае чалавека ў яго адносінах да
гарадской ці сельскай рэчаіснасці, але гутарка ў яго творах ідзе не аб якім-небудзь
антыурбанізме, не аб ідэалізацыі вёскі ўвогуле, а пытанне гэта трэба разглядаць у
сувязі з пошукамі празаікам ідэалу гарманічнага чалавека (А. Вярцінскі), таксама
што пісьменніка часцей цікавіць тое, як псіхалагічна, эстэтычна прыжываецца ў
горадзе чалавек, які нядаўна касіў сена, стагаваў, меў справу з сякераю і пілою,
героі мараць, каб нейкім чынам зблізіць у сваёй душы горад і вёску (Г. Далідовіч),
інш. Варта адзначыць, што даследчыкі разглядалі ўвогуле асаблівасці стылю
пісьменніка, асаблівасці яго прозы або пэўнага твора. Мы ў сваю чаргу паспрабуем
выявіць асаблівасціфункцыянавання вобразаў горада і вёскі ў апавяданнях пісьменніка.
М. Стральцоў – у першым пакаленні гараджанін, нарадзіўся ў вёсцы Сычын
Магілёўскай вобласці, жыў і працаваў у сталіцы краіны, горадзе Мінску.
Несумненна, гэта пэўным чынам знайшло адлюстраванне ў паэтыцы твораў
пісьменніка: героі прозы Стральцова – розныя людзі, але ёсць адно, што, на наш
погляд, яднае іх, – гэта, як правіла, вяскоўцы, якія па нейкіх прычынах пераехалі ў
горад. Такім чынам, можна гаварыць аб тым, што рэаліі вёскі і горада павінны
пэўным чынам праходзіць праз творы пісьменніка. Прычым, гэта знайшло
адлюстраванне і ў загалоўках твораў: “Падарожжа за горад”, “І зноў, зноў горад”,
“Сена на асфальце”, г.д. Дастаткова ўмоўна апавяданні пісьменніка можна
падзяліць на таксама ўмоўныя групы: апавяданні, дзе сюжэтная дзея заснавана на
рэтраспекцыі (герой зараз жыве ў горадзе і ўспамінае, што некалі адбывалася з ім у
вёсцы), творы, дзе герой выязджае на вёску або за горад і тэксты, дзе дзеянне
адбываецца непасрэдна ў вёсцы. Нас будуць у асноўным цікавіць апавяданні, дзе
героем выступае сучаснік пісьменніка.
На першы погляд, у апавяданнях аўтара вёска і горад знаходзяцца ў пэўным
супрацьпастаўленні: герой, як правіла, знаходзіцца ў горадзе, але пры нагодзе
імкнецца трапіць у вёску альбо ў думках вяртаецца да таго часу, калі быў у вёсцы.
Вёска або дае так неабходны аўтару-апавядальніку/герою-апавядальніку спакой,
упэўненасць або вяртае яго ў мінулае (успаміны аб тым, што было раней,
асэнсаванне сваіх учынкаў, таго, што зрабіў не так, інш.), прычым вяртанне героя ў
мінулае, як правіла, афарбавана журботнымі ноткамі; у падтэксце твора
прачытваецца, што вёска дала многае апавядальніку/герою твора, дала нешта
вельмі важнае, чаго няма і чаго не можа быць у горадзе. Як правіла, вясковая
мясцовасць або нейкае месца “за горадам” звязана з роздумам героя – з вяртаннем
да былога, дзе нешта паўплывала не героя сённяшняга. Як правіла, у такіх творах –
герой і аўтар у адной асобе. Гэта пэўным чынам знайшло адлюстраванне,
напрыклад, у трыпціху аўтара. У першым творы трыпціха “Трывожна крычыць
птушка” аўтар-апавядальнік ужо тыдзень як прыехаў з горада ў вёску, пастаяў на
двары, “падумаў, паслухаў ваколіцу, насцярожліва-чуйную, нібы прытаптаная
трава, і нечакана павесялеў ад думкі сабрацца схадзіць у лес па грыбы” [1, 10]
і пасля ліпеньскіх дажджоў ідзе ў лес, найперш падзівіцца хараством прыроды,
узбагаціцца ўражаннямі, – тут тонка адчуваюцца і перадаюцца аўтарам
псіхалагічныя моманты. У дзвюх іншых замалёўках “Жураўліная песня” і
“Падарожжа за горад”, якія ўваходзяць у трыпціх, псіхалагічныя моманты служаць
своеасаблівай апорай для развіцця дзеяння. Вось аўтар у вясновую ноч у горадзе
слухае жураўліную песню, што гучыць над горадам, – здаецца, кругом усё змоўкла;
але, каб не ўзнік нейкі сюжэтны вакуум, лірычны герой стварае псіхалагічнае поле:
быццам між іншым, ён заўважае хлопца з дзяўчынай, якія слухаюць радыёмузыку, і
нейкага чалавека, што чытае пад вулічным ліхтаром газету, і вартаўніка, які не
спіць і якому ўспаміналася вёска яго маленства, інш. Успрыманне жыцця
пашыраецца, бо лірычны герой хоча злучыць сябе нейкай нябачнай сувяззю і з
хлопцам і дзяўчынай, і з незнаёмцам пад ліхтаром, і з вартаўніком, злучыць
радасцю, што дорыць вясна, – жураўлінай песняю. Праз яе хочацца размаўляць з
усім светам, каб давесці, што вясной у душы нараджаюцца вялікія цуды. Тут
аўтарскім настроем знітаваны ўсе радкі, на ім трымаецца сюжэтная лінія, і гэты
настрой перадаецца чытачу, які міжволі зведвае радасць абуджэння прыроды ў
вялікім горадзе. Прычым, у “Падарожжы за горад” апавядальнік зазначае: “Вясною
гучна стукае на сажалцы парнік, і ад гэтага таксама бывае рэха, і той, хто жыў калі-
небудзь у вёсцы, пачуе яго, не ўтрывае і пойдзе за горад. Так здарылася і са мной,
але ў гэтым не было нічога благога для горада, як няма нічога благога ў тым, калі
сталы, далёкі ад вёскі чалавек у нейкі ласкавы і шчыры да яго дзень нечакана
ўзрадуецца, разуе чаравікі і пойдзе басанож лугавою сцяжынаю. Бо ўся, можа,
вялікая ці зусім малая мудрасць у тым, каб у пару адчуць, калі да цябе будзе
ласкавы і шчыры той дзень, а ўжо здагадаешся пра гэта, калі чакаеш яго і калі
верыш, што такі дзень табе недзе адпушчаны” [1, 15–16]. У гэтым тэксце аўтар
пачынае раскрываць праз выказванні апавядальніка сваё бачанне суадносін горада
і вёскі, што знойдзе працяг у наступных яго творах.
Часам поле дзеянняў герояў – лакальны выпадак або эпізод; часам у аснову
апавядання кладуцца малюнкі мінулага, калі аўтар праз гады яшчэ раз правярае
сябе: ці так зрабіў? Напрыклад, ціхі смутак агортвае апавядальніка ў творы
“Восеньскі ўспамін”. Ён прыгадвае, як увосень, калі стаялі поўныя бляску і цяпла
дні, жыў у вёсцы на кватэры ў цёткі Аўгінні. Тут спаткаў дзяўчыну Ганку, да яе
нарадзілася першае юнацкае пачуццё, якое магло стаць шчасцем для дваіх. Але ў
гаспадыні быў сын Мікіта, лайдакаваты дваццацігадовы дзяцюк, што любіў выпіць,
за якога яна думала аддаць Ганку, каб тая зрабіла яго дарэчным чалавекам.
Гаспадыня заўважыла адносіны кватаранта з Ганкай і аднойчы намякнула, каб
саступіў з дарогі дзеля шчасця Мікіты. І герою стала шкада і гаспадыні, і яе
шалапутнага сына, і ён, чалавек мяккі і спагадлівы, магчыма, адмовіўся ад свайго
шчасця: перастаў сустракацца з дзяўчынай. Той успамін пра восень у вёсцы і Ганку,
што ўсплыў нечакана, болем працяў сэрца – усё атрымалася бессэнсоўна,
недарэчна, герой шкадуе і перажывае. У такой жа лірычнай плыні напісана
апавяданне “Двое ў лесе”. Той жа прыкладна матыў: чалавек горка перажывае за
памылку, якую дапусціў у маладыя гады, бо, можа, па нявопытнасці і даверлівасці
размінуўся са сваім шчасцем. У вёску прыехала новая маладзенькая настаўніца
Марына, якая Васілю адразу спадабалася сваім вясёлым характарам, між імі ўзніклі
прыязныя адносіны, якія перараслі ў пачуццё. Адносіны між героямі разгортваюцца
на фоне малюнкаў прыроды; абое ў час спатканняў чуйна ўслухоўваюцца ў яе
таямніцы і разумеюць іх, што збліжае сэрцы ў адным пачуцці. Тонка і выразна
перадаюцца краса летніх вечароў, цёплае дыханне зорнага неба, чым
падкрэсліваецца суладдзе ўнутранага стану закаханых. Але, як у апавяданні
“Восеньскі ўспамін”, з’яўляецца трэці – Клыбік, ашуканец і прайдоха, – Васіль,
будучы занадта даверлівым, не здолеў разгледзець яго сапраўднае нутро. У выніку
зроблена памылка, якая развяла Васіля і Марыну. Каб вызначыць, чаму так
атрымалася, аўтар заглыбляецца ў характар Васіля. Лагічнай дакладнасці вобраза
спрыяюць лірычныя адступленні, кранутыя ледзь улоўнай інтанацыяй шкадавання.
Ён шукае прычыны ў сабе, ён хоча ведаць: чаму так зрабіў? Ён хоча ўнутранага
ачышчэння, каб зняць боль з душы.
Герой, дзе б ён ні быў, імкнецца ў вёску, якая, на яго думку, дае яму спакой і
радасць: “Ён ляжаў і думаў. Было ціха, толькі ўнізе перарывіста дыхала карова, ды
над самым вухам надакучліва звінеў камар… Сцяпан устрапянуўся. Нешта
варухнулася, заказытала ўнутры, і ён адчуў, як незразумелая радасць агортвае
яго [выдзелена мной. – Н.К.]. Ён ужо не мог ляжаць спакойна, варочаўся. “″Што
гэта, – думаў ён, – чаго я так расхваляваўся?″ І раптам зразумеў: ″Я дома! Як жа не
здагадацца? Я дома!″” [1, 19] (апавяданне “Дома”), “Пахла на кухні грыбамі, палалі
дровы ў печы, а за вокнамі шапацеў у садзе дождж – гэта было добра чуваць: акно
ў сад было расчынена. А яны сядзелі прыцемкамі за сталом, глядзелі на агонь, на
дождж, і ўсім было ўтульна, цёпла, і ва ўсіх блішчалі трошкі вочы [выдзелена
мной. – Н.К.] – можа, таму, што глядзелі на агонь, і трошкі кружылася галава, і
плылі перад вачамі, як толькі сцішышся, грыбы…” [1, 67] (“Перад дарогай”), “Сяргей
Марус, інжынер-планавік, неспадзявана адчуў, што яму нечага не хапае ў горадзе,
які адразу здаўся сумным, нецікавым і пыльным [выдзелена мной. – Н.К.].
І чамусьці само сабою здаралася так, што кожны раз, вяртаючыся з работы,
дадому ён ішрў паўз вакзал. І вось калі чуў ён, як аб’яўлялі там адпраўленне, калі
ўдыхаў ён сладкава-даўкі паравозны дым, нешта шчымлівае, прыемна-балючае
кралася ў сэрца, і тады прыгадвалася рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы
вечар, вогнішчы на вуліцы – вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй
вясной, а за ім – крык пеўня, тамліва-гучнае патуркванне жаб… Сяргей Марус
зразумеў, што гэта была туга па вёсцы [выдзелена мной. – Н.К.]. Праз колькі
дзён ён не вытрываў, узяў адпачынак і паехаў да бацькоў у далёкую Смолку.
Ён выехаў апаўдні: сядзеў ля акна ў вагоне, глядзеў на паселішчы, на палі, на
дарогі, і яму хораша думалася пра сваю вёску, дзе ўсё роднае, з дзяцінства
знаёмае, дзе зацішак, спакой, дзе ён па-сапраўднаму адпачне і аціхне душою
[выдзелена мной. – Н.К.]” [1, 91] (“Там, дзе зацішак, спакой”), г.д. Такім чынам,
можна меркаваць, што з героем, калі ён трапляе ў сваю родную вёску, адбываецца
(або ён думае, што адбудзецца) пэўнае абнаўленне, своеасаблівае
мініперараджэнне.
У прозе пісьменніка выразна праявілася дамінанта, якая складае
філасофска-эстэтычную сарцавіну яго творчасці, – гэта імкненне шматгранна
раскрыць чалавека і яго духоўны свет, і рэалізуецца гэта, як правіла, праз вобраз
аўтара-апавядальніка, які спазнае самога сябе. Можна гаварыць аб тым, што такім
чынам рэалізуецца прынцып адзінства рацыянальнага і пачуццёвага; яно
паглыбляе эстэтычныя адносіны аўтара да рэчаіснасці, якую ён даследуе. Герой у
кожным творы хоча ведаць: хто ён у сваім сацыяльным акружэнні? якія яго
духоўныя здабыткі? ці правільна, а значыць у адпаведнасці з маральна-этычнымі
нормамі, якія павінны базіравацца на сумленні, ён выбудоўвае свае дзеянні і
ўчынкі? Гэтыя пытанні герой (або ён і аўтар – у адной асобе) задае сабе сам.
Такая дамінанта заўважна пазначылася ў апавяданні “Сена на асфальце”
(1963), дзе перад героем, які стаіць на парозе дарослага жыцця, яна прадстала ва
ўсіх праявах. Шчыры хлопец, вырас на вясковым маральным грунце, імкнецца
насустрач людзям і чакае такой жа непасрэднасці з боку тых, з кім сутыкаецца ў
розных сітуацыях. Віктар, – герой-апавядальнік – паўсюль у горадзе, дзе застаўся
пасля вучобы ў інстытуце, адчувае моцную сувязь з вёскай. Гэта праяўляецца ва
ўспамінах, якія часам трывожна-радасна наплываюць, і ў рэаліях сённяшняга дня,
бо жыве побач з людзьмі, якія паходзяць з вёскі; ён не выпадкова адчувае
асаблівую душэўную блізкасць да дзядзькі Ігната, які аднойчы – так склаліся
абставіны – перасяліўся з вёскі на гарадскі асфальт.
Відавочна, што аўтар, каб надаць дзеянням герояў асаблівую
эмацыянальна-псіхалагічную дакладнасць, звяртаецца да такой формы, як
ліставанне. У апавяданне ўключаны тры лісты, якія ляжаць у аснове сюжэтна-
кампазіцыйнай структуры твора. Зазначым, што аўтарамі гэтых лістоў з’яўляюцца
людзі, з якімі ў галоўнага героя Віктара склаліся асаблівыя адносіны, а гэта
значыць, існуе большая ступень даверу, што дазваляе раскрыць патаемныя закуткі
душы героя.
Лінія ўзыходжання Віктара па жыццёва-побытавых прыступках да духоўнага
самапазнання – гэта лінія неперарыўнага сталення, і гэта раскрываецца з
дапамогай самааналізу і самаацэнак. Да героя-апавядальніка паступова прыходзіць
разуменне, што жыццё складаецца і з таго, над чым часам нават не задумваемся,
але з дапамогай чаго фарміруюцца нашы глыбінныя сацыяльна-духоўныя асновы
жыцця. Напрыклад, многае Віктару адкрылася з ліста Лены, на якім ляжыць
пячатка роздуму над іх адносінамі; гэты ліст стаў для героя штуршком, каб глыбей
пранікнуць у тыя з’явы, якія быццам бы нічога і не вартыя; герой-апавядальнік
разумее, што такая каштоўнасць, як каханне, – гэта перш за ўсё вялікая работа
душы. Імкненнем спазнаць кошт сяброўства адзначаны ліст Віктара да свайго
сябра. Асабліва варта вылучыць трэці ліст – пранізліва-трапяткім смуткам
прасякнуты ліст дзядзькі Ігната да сваіх аднавяскоўцаў – Андрея і Куліны. “Толькі
вы як бы адгадалі мае думкі: стары я станаўлюся і ўсё больш і больш пачынаю
думаць пра нашу вёску, а як успомню, што там, дзе стаяла мая хата, чужы двор і
чужая гаспадарка, дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда
сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!” [1, 111–112]. Гэтага чалавека
паварот лёсу вынес супраць волі са звыклага вясковага асяродку на чужы яму
гарадскі асфальт, і ён шкадуе, што давялося развітацца з родным гняздом, але
спадзяецца, што яшчэ вернецца ў вёску, таму што там яго карані, думкі, душа.
Ліст дзядзькі Ігната да аднавяскоўцаў абвастрыў даўнюю спрэчку аўтара-
апавядальніка з самім собой. Справа ў тым, што ён, вясковы хлопец, які душой там,
дзе маці, родная школа і гады маленства, хоча прымірыць вёску з горадам. Хаця б
для сябе. Наіўна? Такая, відаць, псіхалогія чалавека, які з аднаго асяроддзя, дзе
духоўна-сацыяльныя карані, трапляе ў іншае, якое толькі асвойваецца. У ім яшчэ
многае нязвыклае, мала апірышча, не зусім пэўная перспектыва – нейкае
раздарожжа. Таму падаецца невыпадковым, што Віктар прымае запрашэнне
дзядзькі Ігната раніцай касіць газоны на гарадской плошчы.
Ці прынцыповай усё ж такі была спрэчка аўтара-апавядальніка з самім
сабой? Пытанне знікла, калі Віктар без роздуму згаджаецца на сенакос з дзядзькам,
які ў пэўнай меры выступае для яго носьбітам лепшых вясковых традыцый.
Сена на асфальце – такая аб’ёмная метафара натуральна сама па сабе
склалася ў аўтара-апавядальніка. У ёй заключаны агромністы духоўны свет
чалавека, які шляхам самапазнання нарэшце знайшоў разуменне не толькі з самім
сабой. Пісьменнік спрабуе прымірыць вёску і горад. Пацвярджаючы гэта, так
выказаўся і сам ён у апавяданні “Сена на асфальце” словамі героя-апавядальніка:
“Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была
мая самая патаемная і самая душэўная думка” [1, 110]. А пасля сенакосу, здаецца,
гэта атрымалася ў героя. ″Днём ужо, едучы на футбол, я выскачыў з тралейбуса на
плошчы. Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя,
жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад.
На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам. Я павярнуўся і паціху пайшоў
тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена – невядома кім
растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. “Сена на
асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце…” Быццам доўга я шукаў нечаму слова
і раптам яго знайшоў. “Сена на асфальце, – узрадавана думаў я. – Вёска ў
горадзе…”″ [1, 115].
Не выпадкова, думаецца, тэма шуканняў – і чалавечых, і духоўна-
маральных, і мастацкіх – сканцэнтравана ў апавяданні-роздуме “Смаленне
вепрука”. Вобразна кажучы, гэта лебядзіная песня ў прозе. Пасля ў празаічных
жанрах пісьменнік нічога значнага не стварыў; сапраўды, другі раз падняцца на
адну і тую ж вяршыню, калі на першы пад’ём аддадзена шмат сіл, удаецца вельмі
рэдка. У апавяданні “Смаленне вепрука” было выказана ўсё, што вярэдзіла душу
пісьменніка. Такім чынам, апавяданне “Смаленне вепрука” – гэта працяг і
паглыбленне, пакутлівае асэнсаванне таго, што азначылася ў ранейшых творах.
Яшчэ, можа, не зусім пэўна, таму патрабавала нейкага выхаду, яснага дасказу. I
вось у “Смаленні вепрука” – як бы вынік, падрахунак і адначасова загляд за
небасхіл, дзе ападае перадзімовая ружова-бледная зара. Аўтар і герой у адной
асобе. Лірызм то светлы, то журботны: як дзе настрой. Але адно відаць добра:
няспынныя пошукі форм выказвання думак, спосабаў асэнсавання і выказвання
душэўных памкненняў. Часам падаецца, што апавядальнік на мяжы
ірацыянальнага, у стане нейкага азарэння: так выразна прыкмячае маўклівую
зацятасць травы і схаладнела-шурпатага шызага неба, падае тыя перцэпцыі
вепрука, які апошні раз прымае мешанку з рук гаспадыні, інш. Словы празрыстыя, і
здаецца, што раскрываюцца іх патаемныя сховы, у якіх ляжаць ключы ад самых
непрыкметных для звычайнага вока адценняў настрою і пачуцця. Адным словам,
аўтар імкнецца сягнуць туды, дзе нязнаныя і слова, і думка, і ўнутраны стан, каб
паяднаць іх, сплавіць у мастацкі цуд. Як выказаўся літаратуразнаўца Алесь
Адамовіч, зрабіць словам прарыў да таго, што ўжо стала вядомым пачуццю. На
апавяданні цалкам ляжыць аўтарскае ўспрыманне таго, што выспявае ў яго
ўяўленнях і расхінаецца яго пагляду. Суб’ектыўна-асабісты пачатак бачыцца ва
ўсім: як перадае гукі і колеры раніцы, як спрабуе разгадаць тайну свайго сну, якія
зведвае адчуванні, калі за сталом з чаркай гутарыць са сваім сябрам, інш. Аўтар
шукае форму – выказвання думак, пачуццяў, сродкаў перадачы іх на пісьме. Цікава,
што ён спрабуе паказаць, як хацеў напісаць апавяданне – што хацеў змясціць у
падтэкст, што павінна было прачытвацца між радкоў, г.д. Тут размова ідзе пра
мяркуемага героя – юнака, які безразважна і шчыра кінуўся ў жыццё, пра маці, што
засталася ў вёсцы, пра сны, якія звязваюць нас з роднымі, г.д. І ў апавяданні
павінны былі быць горад, і чуцца вёска.
Асобна варта згадаць адно з лепшых у стральцоўскай прозе апавяданне –
“На чацвёртым годзе вайны”. Някідкі трагізм і адначасна мужнасць герояў у ім
скаланае сваёй звычайнасцю, хаця не знаходзіць асаблівых вонкавых праяў, хіба
праз скупыя слёзы. У творы толькі адзін сюжэтны вузел – бабуля набіла матузамі
галоднага ўнука, які абшчыпаў на стале праснак. Аднак праз гэты эпізод перад
чытачом раскрываецца панарама апошняга цяжкага года вайны праз лёс
звычайнай вясковай сям’і, дзе старая жанчына, яе нявестка і малы, у якога загінуў
бацька, адчайна супраціўляюцца голаду і холаду. Каб выжыць. Вось у чым іх і
мужнасць, і трагізм. Хлопчык, спалоханы бабуляй, уцёк з хаты, на ноч у алешніку
зладзіў сабе будан, каб не ісці дахаты і тут начаваць, – такім чынам хацеў
адпомсціць за крыўду. Ноччу маці знайшла яго і перанесла соннага ў пасцель. Калі
ж ён прачнуўся, убачыў маці, сцятую горам, і бабулю, якія, прыхінуўшыся адна да
адной, плакалі. І ён таксама нечакана заплакаў, але ў яго ўжо былі не слёзы
дробязнай крыўды і адчаю: ён раптам адчуў сябе пасталелым, мужчынам, на якім
ляжыць цяжар недзіцячых клопатаў. Трагізм, у якім аказалася сям’я, як і тысячы
падобных, высвечваецца асабліва востра, найперш тым, што падаецца ў плыні
звычайных клопатаў, з якіх складаецца жыццё. Нічога, здаецца, незвычайнага, але
пад пяром прыватнае набывае маштабы агромністыя, як чалавек у разуменні і
адлюстраванні Стральцова. Праблематыкай, унутраным ладам прымыкае да
апавядання “На чацвёртым годзе вайны” аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”. У ёй
пякучая да болю старонка народнага жыцця, прачытаная ў вясковай хаце. Такі
сюжэтны абсяг бачыцца знешне, але калі асэнсаваць тое, чым жывуць і пра што
турбуюцца і малыя, і старыя, то іх вуснамі чытач міжволі задасць пытанне: чаму
такая бойня на свеце? чаму людзям так цяжка? чым яны пакрыўдзілі Бога?
У аповесці няма грукату танкаў і кулямётных чэргаў, няма забітых і параненых.
Але ёсць гора тых, каго вайна зачапіла сваім далёкім рэхам, – і ў вясковай хаце,
занесенай снягамі, яно адгукнулася своеасабліва. Напрыклад, як у бедах Iванкі, які
марыць аб той часіне, калі дзед Трахім зробіць яму чунь, бо няма чаго абуць на
ногі. Да трагічнага абагульнення вырастае роздум дзеда Міхалкі аб чалавечым
лёсе на зямлі. Любіць Iванка дзеда за шчырасць і прастату, бяскрыўднасць і
чалавечнасць. Яму цяжка, як і ўсім, і, даведзены да адчаю бядоццем і нястачамі, ён
хоча дапяць сваім розумам да вялікіх ісцін, калі звяртаецца да Бога. У ім бачыць
збавенне ад пакут, што абрынуліся разам з вайной на галовы ні ў чым не вінаватых
людзей. З непрыхаванай любоўю апавядае аўтар пра Iванку і дзеда Міхалку. Вельмі
хочацца верыць, што сон хлопчыка, якім твор заканчваецца, спраўдзіць яго надзеі.
Такім чынам, можна сказаць, што пісьменнік паставіў перад сабой задачу
(якая, несумненна, зыходзіла з яго светаадчування) прымірыць горад і вёску і
вырашаў яе адпаведнымі сродкамі: ад рэтраспекцый з аналізам уласных учынкаў
праз спробу “прадметнага” злучэння горада і вёскі да эмацыянальна-інтуітыўнага
адчування і злучэння на вялікай адлегласці з роднымі каранямі.
Літаратура
1. Стральцоў М. Выбранае : Проза, паэзія, эсэ / М. Стральцоў / [прадм. А. Адамовіча]. – Мн. ;
Маст. літ., 1987. – 607 с., 1 л. партр.
Анотація
У даній статті досліджуються особливості поетики білоруського письменника Михася
Стрельцова. Вперше зроблена спроба вивчення особливостей функціонування образів міста та
села в повістях цього письменника. У матеріалі робляться висновки про те, що головне місце у
творах Стрельцова відводиться образу села, який використовується в художньому рішенні
поставленого письменником завдання, де образи виявляються в єдності, яка стає наскрізною
художньо-естетичною домінантою його творчості.
Ключові слова: ліричний герой, образ автора, художньо-естетична домінанта,
оповідання.
Аннотация
В данной статье исследуются особенности поэтики белорусского писателя Михася
Стрельцова. А именно: впервые предпринята попытка изучения особенностей функционирования
образов города и деревни в рассказах этого писателя.
В материале делаются выводы о том, что значимое место в произведениях Стрельцова
отводится образу деревни, который используется в художественном решении писателя вместе с
образом города. В связи с этим можно говорить об эволюции художественного решения
поставленной писателем задачи, где образы проявляются в единстве, которое становится
сквозной художественно-эстетической доминантой его творчества.
Ключевые слова: лирический герой, образ автора, художественно-эстетическая
доминанта, рассказ.
Summary
The poetic’s peculiarities of Belarusian writer’s Mikhas Streltsov prose are revealed in the
thesis. For the first time a special research of particulates functions of the artistic images “town” and
“village” in some novels of this writer.
It is proved, that the artistic image “village” is one of the solving of the basic idea in this writer’s
prose. The artistic image “village” is analyzed with the artistic image “town” in the thesis. These images
are integrated as artistic-esthetic dominant of writer’s prose. And its evolution has been made within the
context of its development.
Keywords: lyric heroes, the images of author, artistic-esthetic dominant, novel.