Лінгвістичні студії: Збірник наукових праць.

Алена Кавалёва — БЕЛАРУСКІЯ АЙКОНІМЫ, МАТЫВАВАНЫЯ ГЕАГРАФІЧНЫМІ ТЭРМІНАМІ (на матэрыяле адзінак, страчаных у выніку перайменаванняў ХХ стагоддзя)

У статті розглядаються семантичні особливості втрачених у результаті процесу перейменувань
ХХ століття ойконімів, мотивованих географічними термінами. Визначено найбільш типові апелятиви, що
були основою цих одиниць: утрачені ойконіми переважно мотивовані орографічними, гідрографічними,
ботанічними термінами, апелятивами, які позначають назви земельних наділів, типи поселень, об’єкти
промислово-господарчих реалій, заняття тогочасного населення.
Ключові слова: ойконім, апелятив, топографічні, гідрографічні, ботанічні терміни, назви земельних
наділів, назви типів поселень.

Адметнай рысай беларускай айканіміі ХХ стагоддзя адзначаецца працэс перайменаванняў, які адбываўся
ў сувязі з новым дзяржаўным ладам пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года і быў скіраваны на знішчэнне
традыцыйных анамастычных адзінак. Асноўнымі матывамі замен гэтых айконімаў лічылася іх
© Ковальова О.В., 2008 ЛІНГВІСТИЧНІ СТУДІЇ. Випуск 16

314
“немілагучнасць” ці абразлівасць (Балванаўка), сувязь з этнонімамі (Жыдава Буда), рэлігіяй (Манастыр),
былымі сацыяльнымі адносінамі (Засценак Дуброва) і інш. Яны былі перайменаваны на новыя, адпавядаючыя
тагачаснай ідэалогіі онімы, тапаасновамі ў іх большасці былі эпонімы (Луначарскае), сімвалы і ідэалы эпохі
(Чырвоны Маяк), батанічныя назвы (Малінавая) і інш. Адзначана, што асаблівую інтэнсіўнасць гэтая з’ява
набыла ў 20-60 гады ХХ стагоддзя. На яе ў сваіх працах звярталі ўвагу В. Лемцюгова [Лемцюгова 2003], Л. Лыч
[Лыч 1994], Г. Мезенка [Мезенка 2001], Я. Рапановіч [Рапановіч 1982], В. Шур [Шур 1998] і інш., яны
падкрэслівалі шматлікія парушэнні беларускіх анамастычных заканамернасцей, нормаў беларускай мовы,
высокую частотнасць рускамоўных апелятываў пры стварэнні новых адзінак і інш.
Айканімічныя адзінкі, страчаныя ў выніку перайменаванняў ХХ стагоддзя, яшчэ не былі аб’ектам
грунтоўнага аналізу, які дазваляе, як мы лічым, выявіць іх семантычныя і структурныя асаблівасці, таму
даследаванне такіх онімаў з’яўляецца актуальным. Мэта нашага артыкула – разгледзець семантычныя
адметнасці айконімаў, матываваных геаграфічнымі тэрмінамі.
З розных крыніц намі выяўлена каля 900 такіх адзінак, што былі перайменаваны ў названы перыяд.
Амаль 30 % з іх складаюць онімы, апелятывамі якіх з’яўляюцца геаграфічныя тэрміны тыпу гара, лес і інш.
Nomina topographica – распаўсюджаныя тапаасновы ў айканіміі розных рэгіёнаў, ім уласцівы пэўныя агульныя
рысы, тыповыя для шматлікіх онімных сістэм, але яны маюць і спецыфічныя прыкметы ў залежнасці ад
асаблівасцей ландшафту пэўнай мясцовасці ці антрапагенных характарыстык. Пры вызначэнні семантыкі
шматзначнага апелятыва перавага аддавалася варыянтам рэгіянальнай геаграфічнай лексікі. Намі зафіксаваны
наступныя тыпы айконімаў, што матываваны:
а) тапаграфічнымі тэрмінамі;
б) гідраграфічнымі тэрмінамі;
в) батанічнымі тэрмінамі;
г) назвамі зямельных надзелаў;
д) назвамі тыпаў паселішчаў;
е) назвамі прамыслова-гаспадарчых рэалій.
Найбольш шматлікімі ў колькасных адносінах сярод фізіягенных тапаабъектаў з’яўляюцца айконімы,
апелятывы якіх з’яўляюцца араграфічнымі тэрмінамі. Станоўчы рэльеф прадстаўлены ў такіх адзінках, як буй
‘узгорак на адкрытым ветраным месцы’ > Буй (з 1938 г. Будзённы, Сен.); гараватка ‘купка лесу на гары,
гарыстае, узвышанае месца’ > Гараватка (з 1964 г. Савецкая, Бял.); гара ‘узвышша, любое высокае месца’ >
Горы-Горкі (з 1925 г. Беларускія Горкі, Гор.); шалом ‘узгорак, гравійная гара; узгорак быццам у чашы, на дне
ўпадзіны, якая абмежавана пяццю іншымі гравійнымі ўзгоркамі’ > Шаламы (з 1964 г. Чырвоны Усход, Слаўг.) і
інш.; пра адмоўны рэльеф сведчаць такія апелятывы, як яма ‘выкапанае або прыроднае паглыбленне ў зямлі;
вялікая яма; нізіна’, ‘паглыбленне ў зямлі’ > Воўчая Яма (з 1964 г. Красновічы, Бабр.); роў ‘прыроднае доўгае, з
нахілам у адзін бок паглыбленне ў зямлі’ > Круты Роў (з 1937 г. Сярэбраны Ручай, Крыч.) і інш. Асаблівасці
глебы адлюстроўваюць наступныя апелятывы: пагной ‘урадлівая, угноеная зямля’ > Пагной (з 1946 г. Гуляева,
Люб.); пусташ ‘неўрадлівая глеба’ > Пусташы (з 1969 г. Меліярацыйная, Пол.), пустыня ‘пясчаная,
неўрадлівая глеба’ > Пустынькі (з 1964 г. Ясная Рошча, Чач.) і інш.
Даволі прадуктыўнымі з’яўляюцца і гідраграфічныя апелятывы, што складаюць каля 10 % ад
зафіксаваных адзінак, што матываваны геаграфічнымі тэрмінамі: лука ‘заварот рэчкі’, ст.-бел. ‘затока, якая
ўтвараецца выгінам берага, дугаваты загіб ракі’, ‘дугападобны, паўкруглы бераг ракі ці возера’ > Папова Лука
(з 1938 г. Новая, Рас.); калена ‘паварот ракі; глыбокае месца на павароце ракі’ > Калена (з 1964 г. Залесная,
Глыб.); глод ‘старое рэчышча, старыца’ > Глод (з 1964 г. Мірная, Пух.); вусце ‘месца ўпадзення ракі ў другую
раку, возера’ > Вусце (з 1948 г. Александрыя, Сен.); карма ‘затока, завадзь у форме рукава’ > Карма (з 1926 г.
Красная Карма, Светл.); крупец ‘незамярзаючы кароткі прыток у басейне Дняпра’ > Ваўковіцкі Крупец (з
1925 г. Урыцкае, Гом.); мачула ‘прыродны ставок з травой і лазняком, дзе мочаць лён’ > Мачулы (з 1962 г.
Завярхлессе, Акц.); крыніца ‘невялікі вадаём каля выхаду на паверхню падземных вод’, ‘струмень вады, які б’е
з зямлі’ > Крыніца (з 1930 г. Новы, Пух.). Да гэтага тыпу адносяцца і гелонімныя апелятывы, што з’явіліся
тапаасновай для айконімаў, якія знаходзяцца пераважна на поўдні Беларусі: алёс ‘дрыгва, забалочанае месца,
мокрае месца; тарфяное балота’ > Алёс (з 1964 г. Чырвоны Алёс, Добр.); тапіла ‘непраходнае месца на
дрыгвяністым балоце; багністая бездань’ > Тапіла (з 1964 г. Акцябрская, Жл.); язва ‘гнілое балота, невялікая
балоцінка’ > Язвы (з 1964 г. Усходняя, Бых.). Зафіксаваны таксама і наменклатурны тэрмін балота ‘нізкае
месца, якое парасло тоўстым слоем моху, журавінамі, дурніцамі, багуном і нізкарослымі рэдкімі дрэвамі’ >
Цёмнае Балота (з 1973 г. Сасновы Бор, Шчуч.); качай-балота ‘дрыгва, багністае балота з раслінным плавам на
паверхні’ > Качай-Балота (з 1962 г. Рассвет, Акц.) і інш.
Да распаўсюджаных тапаасноў адносяцца апелятывы-дрымонімы: бор ‘векавы хваёвы лес на высокім
месцы, які парос унізе мохам’ > Конскі Бор (з 1969 г. Бярозавая Рошча, Смарг.); дуб’ё ‘дубовы лес, дубняк’ >
Дуб’ё (з 1969 г. Хвашчы, Красн.); машарына ‘лес, дзе раней было многа моху’ > Машарына (з 1938 г. Усход,
Чач.); серадзібор ‘месца ў глыбіні лесу, на тэрыторыі ляснога масіву’ > Серадзібор (з 1960 г. Канстанцінаўка,
Люб.) і інш. Зафіксаваны айконімы, што ўтвораны ад фларыстычных апелятываў: лаза ‘лазовыя мясціны’ > Розділ VIII. Проблеми ономастики

315
Чорная Лаза (з 1939 г. Чырвоны Усход, Леп.); асавец ‘*аса – асіна, асіннік’, ‘месца, якое парасло асіннікам’ >
Царкоўны Асавец (з 1977 г. Палявая, Смал.) і інш.
Айконімы, тапаасновы якіх сведчылі пра асаблівасці землекарыстання, спосаб і від атрымання
зямельнага ўчастка, складаюць 15,3 % ад зафіксаваных адзінак, што матываваны геаграфічнымі тэрмінамі:
памёт ‘поле, якое ніколі не апрацоўвалася, абложная зямля; няўдобіца’ > Доўгі Памёт (з 1964 г. Навасёлы,
Бар.); пагулянка ‘аблога, пакінутае поле, якое часова адпачывае’ > Пагулянка (з 1938 г. Першае Мая, Рэч.); вугал
ст.-бел. уголъ ‘зямельны ўчастак’, ‘частка сушы, якая клінам уразаецца ў балоцістае месца ці сенажаць,
клінаваты ўчастак, трохкутнік’ > Пусты Вугал (з 1964 г. Маліннікі, Глыб.); Пусты Вугал (з 1964 г. Каласоўка,
Пух.); рог ст.-бел. рогъ ‘вугал’, ‘выступ, клін поля, лесу, лугу, клінападобная частка балота’, ‘вузкі канец поля,
сенажаці, вёскі’ > Данілаў Рог (з 1940 г. Чырвоны Рог, Хойн.); падзел ‘сенажаць, якая раздзяляецца на невялікія
ўчасткі кожны год паміж членамі пэўнага калектыву’ > Ганчароў Падзел (з 1973 г. Ганчароўка, Рэч.); клін
‘участак зямлі, які мае трохвугольную форму’ > Клін (з 1938 г. Пуцяводная Звязда, Гом.); навіна ‘новае поле,
цаліна на месцы расцяробу або ўзаранай сенажаці’ > Навіна (з 1964 г. Свабода, Ветк.); старына ‘пакінутая
навіна’ > Старына (з 1938 г. Чырвоны Маяк, Рас.); чарцеж ст.-бел. ‘поле або сенажаць на месцы лясных
распрацовак’ > Чарцеж (з 1960 г. Аляксандраўка, Красн.); канец ‘участак нівы, які ўпіраецца ў іншае поле’ >
Канец (з 1938 г. Акцябр, Сен.); морг ст.-бел. моргъ, моркгъ ‘адзінка вымярэння зямлі’, ‘мера ворнай зямлі
(0,71 га), дадатковы ўчастак зямлі’ > Маргі (з 1925 г. Ельнічкі, Светл.) і інш.
У якасці айконімных матыватараў выступаюць таксама і апелятывы, якія абазначаюць назвы паселішчаў:
хутар ‘адасоблены зямельны ўчастак з паселішчам уладальніка’ > Парадзінскі Хутар (з 1940 г. Засожжа,
Мсцісл.); слабада ст.-бел. ‘пасяленне, якое карысталася “свабодай”, павіннаснымі льготамі’, ‘паселішча на
зямлі ўладальніка, насельніцтва якога вызвалялася ад прыватнай залежнасці’ > Слабада (з 1935 г. Ягораўка,
Крыч.); аналаг слабод воля ці вулька ‘часовае вызваленне новапасяленцаў ад павіннасцей і падаткаў’ >
Сланеўская Воля (з 1974 г. Сланева, Нав.), Вулька Даргунская (з 1964 г. Усава, Гр.). Прадстаўлены
наменклатурны тэрмін двор ‘населены пункт, паселішча хутарскага тыпу’ > Двор (з 1920 г. Чырвоны Араты,
Хойн.); калонія (лац. пасяленне) ‘населены пункт, які складаецца з перасяленцаў іншай мясцовасці ці іншай
нацыі’ > Калонія Сінайская (з 1988 г. Зяльвянка, Зэльв.); маёнтак ‘панскае памесце’ > Маёнтак (з 1938 г.
Камунар, Чэр.); пагост ‘населены пункт з царквой’, ‘сядзіба сельскай абшчыны з праваслаўнымі могілкамі’ >
Пагост (з 1918 г. Пабеда, Шум.); сяло ‘населены пункт, у якім былі царква або адміністрацыйныя будынкі’ >
Сяло (з 1964 г. Лёшкава, Гар.) і інш.
Вынікі вытворчай дзейнасці, заняткі ці рамёствы прадстаўлены апелятывамі завод ‘прамысловае
прадпрыемства, фабрыка’ > Берасцяны Завод (з 1969 г. Чапаеўскі, Лельч.); рудня ‘прымітыўны руднік, месца
здабычы руды’, ‘медны завод’ > Папоўская Рудня (з 1924 г. Каменева Рудня, Лоеў.); паташня ‘месца,
прадпрыемства ў лесе, дзе выпальвалі драўняны попел для вырабу паташу (вуглякіслага калію)’ > Паташня (з
1945 г. Мар’янполле, Паст.); гута ‘шклозавод, месца, дзе здабывалі попел і паташ’ > Гута (з 1964 г.
Вазраждзенне, Б.-К.); майдан ‘абгароджанае месца, дзе знаходзіліся прамысловыя збудаванні лясных або
рыбных промыслаў’ > Майдан (з 1960 г. Хваенск, Жытк.); буда ‘населены пункт у лесе, жыхары якога
займаюцца вырабам дзёгцю, паташу’, ‘шалаш’, ‘невялікая будыніна, часовае жыллё’ > Жыдава Буда (з 1935 г.
Чырвоная Буда, Крыч.) і інш. Зафіксаваны таксама ў якасці матыватараў назвы культавых збудаванняў: капліца
‘невялікі царкоўны або касцельны будынак з іконамі без алтара’, ‘месца, дзе стаіць крыж’ > Капліца (з 1964 г.
Горная, Маз.); манастыр ‘царква і тэрыторыя, якія належаць абшчыне манахаў або манашак’ > Манастыр (з
1964 г. Саснавец, Петр.) і інш.
Своеасаблівай прыкметай айканіміі Беларусі ХХ стагоддзя з’яўляецца перайменаванне зусім новых
адзінак, што ўзніклі ў 20-я гады ХХ стагоддзя і ўтвораны ад апелятываў, якія адносяцца да розных тэматычных
груп: акцябр (бел. кастрычнік) ‘Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 1917 года, а таксама яе
гадавіна сёмага лістапада’ > Акцябрская (з 1978 г. Цэнтральны, Віц.); сцяг ‘умацаванае на дрэўку палотнішча
рознай формы; ідэя, якая служыць асновай адзінства’ > Чырвоны Сцяг (з 1964 г. Факел, Б.-К.) і інш. Сярод такіх
наватвораў зафіксаваны айконімы, што ўзніклі каля прадпрыемстваў і атрымалі назву шляхам метанімічнага
пераносу – Пасёлак торфапрадпрыемства “Васілевічы ІІ” (з 1959 г. Сасновы Бор, Светл.), але, як ужо
адзначалася, часткова такія адзінкі, матываваныя прамысловымі найменнямі, былі заменены ў працэсе свайго
функцыянавання, бо з’яўляліся грувасткімі генітыўнымі канструкцыямі, ад якіх цяжка было ўтварыць
катайконім і ад’ектонім.
Такім чынам, сярод страчаных у сувязі з перайменаваннямі ХХ стагоддзя айконімаў, што матываваны
геаграфічнымі тэрмінамі, можна вылучыць фізіягенныя тапааб’екты, апелятывы якіх з’яўляюцца
тапаграфічнымі, гідраграфічнымі тэрмінамі, а таксама дрымонімамі, флоралексемамі і інш., і антрапагенныя
тапааб’екты, што апелятывамі абазначаюць назвы тыпаў паселішчаў, зямельных надзелаў, прамысловыя
найменні. Нязначную частку складаюць адзінкі, што былі ўтвораны на пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя, але
былі перайменаваны з цягам часу па розных прычынах. Такія зніклыя онімы дазваляюць выявіць найбольш
тыповыя тапаасновы, што ўказвалі на фізіка-геаграфічныя адметнасці мясцовасці, асаблівасці гаспадарчай
дзейнасці, назвы традыцыйных тыпаў пасяленняў і зямельных надзелаў.
ЛІНГВІСТИЧНІ СТУДІЇ. Випуск 16

316
Літаратура
Лемцюгова 2003: Гапоненка І.А., Капылоў І.Л., Лемцюгова В.П. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі
Беларусь: Мін. вобл.: Нармат. давед. / Пад агул. рэд. Лемцюговай В.П. – Мінск : Тэхналогія, 2003. – 605 с.
Лыч 1994: Лыч Л.М. Назвы зямлі беларускай. – Мінск: Універсітэцкае, 1994. – 128 с.
Мезенка 2001: Мезенко А.М. Экология топонимии и уроки переименований // Z badań nad wspуłczesnymi
językami wschodniosłowiańskimi i polskim / Red. nauk.: B. Tichoniuk. – Zielona Gуra, 2001. – С. 33–42.
Рапановіч 1982: Рапановіч Я. Новыя назвы населеных пунктаў Беларусі // Весці Акад. навук Беларускай
ССР. Сер. грамадскіх навук. – 1982. – №1. – С. 92–100.
Шур 1998: Шур В. Беларускія ўласныя імёны: бел. антрапаніміка і тапаніміка: дапам. для настаўнікаў. –
Мінск: Маст. літ., 1998. – 239 с.

Крыніцы
1. Бялькевіч І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970. – 511 с.
2. Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Минск: БГУ, 1974. – 447 с.
3. Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз назваў населеных пунктаў Мінскай
вобласці. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970. – 156 с.
4. Лемтюгова В.П. Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения. – Минск: Наука и
техника, 1983. – 198 с.
5. Насовіч І.І. Слоўнік беларускай мовы. – Мінск: БелСЭ, 1983. – 792 с.
6. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. Т. 1-5 / pэдкал.:
Ю.Ф. Мацкевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1979 – 1986.
7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. Т. 1-5 / Рэдкал.: К. Атраховіч (гал. рэд.) [і інш.]. –
Мінск: БелСЭ, 1984.
8. Тураўскі слоўнік: у 5 т. Т. 1-5 / Рэдкал.: А.А. Крывіцкі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка,
1982 – 1987.
9. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 11 т. Т. 1-11 / pэдкал.: В.А. Мартынаў (гал. рэд.) [і інш.]. –
Мінск: Беларус. навука, 1978 – 2006.
10. Яшкін І.Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў: Тапаграфія. Гідралогія. – Мінск:
Бел. навука, 2005. – 808 с.

Спіс умоўных скарачэнняў раёнаў
Акц. – Акцябрскі, Бабр. – Бабруйскі, Бар.– Барысаўскі, Бр. – Брэсцкі, Бых. – Быхаўскі, Б.-К. – Буда-
Кашалёўскі, Бял. – Бялыніцкі, Верхн. – Верхнядзвінскі, Ветк. – Веткаўскі, Віц. – Віцебскі, Ганц. – Ганцавіцкі,
Гар. – Гарадоцкі, Глыб. – Глыбоцкі, Гом. – Гомельскі, Гор. – Горацкі, Гр. – Гродзенскі, Добр. – Добрушскі,
Докш. – Докшыцкі, Жл. – Жлобінскі, Жытк. – Жыткавіцкі, Зэльв. – Зэльвенскі, Калінк. – Калінкавіцкі, Кам. –
Камянецкі, Кобр. – Кобрынскі, Красн. – Краснапольскі, Кругл. – Круглянскі, Крыч. – Крычаўскі, Лельч. –
Лельчыцкі, Леп. – Лепельскі, Лоеў. – Лоеўскі, Люб. – Любанскі, Маз. – Мазырскі, Мал. – Маладзечанскі,
Мсцісл. – Мсціслаўскі, Нав. – Навагрудскі, Паст. – Пастаўскі, Петр. – Петрыкаўскі, Пол. – Полацкі, Пух. –
Пухавіцкі, Рас. – Расонскі, Рэч. – Рэчыцкі, Сал. – Салігорскі, Светл. – Светлагорскі, Сен. – Сенненскі, Слаўг. –
Слаўгарадскі, Смал. – Смалявіцкі, Смарг. – Смаргонскі, Уздз. – Уздзенскі, Хойн. – Хойніцкі, Чач. – Чачэрскі,
Чэр. – Чэрыкаўскі, Шум. – Шумілінскі, Шч. – Шчучынскі.

The article is focused on the semantic analysis of the oykonyms, which were lost because of alteration of the
place names in the XXth century. The place names, which semantics deals with the geographical terms, are analyzed.
The most typical appellatives are orographical, hydrographical and flora terms, also the appellatives which denote
types of settlements and allotments, social and economic activities of the inhabitants.
Keywords: oykonym, appellative, orographical, hydrographical and flora terms, types of allotments and
settlements.
Надійшла до редакції 3 жовтня 2007 року.

Категорія: Лінгвістичні студії: Збірник наукових праць.

Літературне місто - Онлайн-бібліотека української літератури. Освітній онлайн-ресурс.